Малады Фронт - Сьветлагорск > Галоўная > Вялікдзень
Вялікдзень7 красавіка 2007. Разместил: admin2. Чат |
|
Пасха — габрэйскае слова, якое для габрэяў азначала выхад зь ягіпецкай няволі да абяцанай зямлі пад кіраўніцтвам Майсея. Для нас яно набыло большае, глыбейшае значэньне: выхад зь няволі сьмерці пад кіраўніцтвам Бога, які стаўся чалавекам, каб зрабіць нас удзельнікамі свайго боскага жыцьця. Вялікдзень — гэта акт абнаўленьня ўсяго тварэньня ў Богу.
Безумоўна, гэты акт абнаўленьня не прыйшоўся лёгка. Яго апярэджвалі пакуты і крыжовая сьмерць нашага Збаўцы. А паколькі «вучань ня большы за настаўніка», дык і нам не пазьбегнуць цяжкасьцяў у гэтым жыцьці. Аднак нават у самыя цяжкія хвіліны ў нас не павінна пакідаць упэўненасьць нашай апошняй мэты. Герой аповесьці Васіля Быкава «Трэцяя ракета», адзіны беларус у невялікай шматнацыянальнай вайсковай адзінцы, успамінаючы сваю далёкую бацькаўшчыну, разважаў: «І ў гэтым невялічкім разьліку я заўсёды нашу ў сабе стрыманы, маўклівы гонар, што я — беларус. Я не крыўдую, калі, сказаўшы ня так якое рускае слова, чую ад Задарожнага абразьлівае «трапка», — хай сабе не скажу гэтак прыгожа, як ён, але ёсьць у мяне свая вартасьць, і ён, як бы ні хацеў, ня можа абразіць мяне». Нешта падобнае, але ў далёка шырэйшым кантэксьце нашага Боскага пакліканьня, сустракаем у сьвятога Паўла: «Ні сьмерць, ні жыцьцё, ні анёлы, ні ўлады, ні сілы... ні якое другое стварэньне ня зможа адлучыць нас ад любові Божае, што ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 8:38‑39). Вось гэта і ёсьць сутнасьць сьветлага і радаснага сьвята Вялікадня. Прэс-служба МФ 07.04.2007 - 11:05:10 |